ТКА́НКАВАЕ ДЫХА́ННЕ, клетачнае дыханне,

сукупнасць акісляльна-аднаўленчых працэсаў, што прыводзяць да распаду арган. злучэнняў з утварэннем канчатковых прадуктаў абмену рэчываў і вызваленнем энергіі, якая забяспечвае жыццядзейнасць. У аэробных арганізмаў аснова Т.д. — працэс спажывання клеткамі і тканкамі кіслароду. Гліколіз, трыкарбонавых кіслот цыкл і дыхальны ланцуг характэрны для большасці эўкарыётаў. Вугляводы, тлушчы і бялкі (клетачнае «паліва») падвяргаюцца многаступеньчатаму акісленню з выхадам энергіі. Каля 50% яе назапашваецца ў клетках у форме энергіі хім. сувязей макраэргічных злучэнняў (напр., адэназінтрыфосфарная к-та); астатняя ч. ідзе на біясінтэз (напр., стэроідных гармонаў), абясшкоджванне чужародных і атрутных для арганізма рэчываў (напр., араматычных злучэнняў, недаакісленых прадуктаў дыхання), выдзяляецца ў выглядзе цяпла.

А.​С.​Леанцюк.

т. 15, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)